Кіраўнік Магілёўскіх гарадскіх аркестраў пра тое, чым на працягу 10 гадоў здзіўляе гледачоў

Сёлетні год для музыкантаў, аб’яднаных пад назвай «Магілёўскія гарадскія аркестры», юбілейны — 10 гадоў з дня ўтварэння. Гэта не значыць, што раней у горадзе аркестраў не было, яны існавалі, і нават не адзін. Але ў якасці самастойнага суб’екта ўтварэнне існуе з 2013 года. Увесь гэты час у яго руля таленавіты дырыжор і трубач Аляксандр Гарадкоў. Там, дзе з’яўляюцца яго музыканты, заўсёды весела і дынамічна. Пра тое, што атрымалася дасягнуць за 10 гадоў самастойнасці, — наша з ім размова.


Гарадскія рытмы

Восенню ў Магілёве праходзіў першы міжнародны кааперацыйны форум па імпартазамяшчэнні, дзе сабралася шырокае бізнес-прадстаўніцтва з Беларусі і Расіі. Дзелавыя людзі, здаецца, не схільныя здзіўляцца. Яны вельмі сур’ёзныя, цалкам засяроджаны на сваіх справах. Але першыя гукі аркестра прагучалі так інтрыгуюча, што бізнесмены пацягнуліся бліжэй да музыкантаў. На тварах з’явіліся ўсмешкі, нехта стаў прытанцоўваць. Падумалася, што пасля такога прыёму, напэўна, і перагаворы пойдуць больш плённа.

Пад адной назвай «Магілёўскія гарадскія аркестры» існуюць два ўнікальныя калектывы — гарадскі духавы аркестр і аркестр народных інструментаў. У адным калектыве 36 чалавек з улікам галоўнага дырыжора, у другім — 10. Музыканты дзялілі пляцоўку з Уладзімірам Прасняковым, Евай Польнай, летась працавалі на разагрэве гурта «На-на» ў Ніжнім Тагіле.

— На канцэрт у Ніжнім Тагіле было прададзена 30 білетаў, мы пайгралі паўгадзіны, а на наступны дзень была поўная зала, людзі стаялі нават у праходах, — з гонарам расказвае дырэктар і галоўны дырыжор ДУК «Магілёўскія гарадскія аркестры» Аляксандр Гарадкоў.

З гарадскім духавым аркестрам звязана прыгожая традыцыя. Кожны сезон па нядзелях ён іграе на фантанах (у скверы 40-годдзя Перамогі), дзе збіраюцца людзі паважанага ўзросту і танцуюць. Такое ёсць толькі ў Магілёве. Пачынаецца сезон у маі і заканчваецца апошняй нядзеляй верасня. За лета адбываецца 

18–20 канцэртаў. У рэпертуары шмат любімых народам мелодый, але дзве прысутнічаюць заўсёды. Бо, калі яны не прагучаць, нехта абавязкова падыдзе і папракне: чаму сёння нашых любімых падэспаня і кракавяка не было?

Грант ад Прэзідэнта

У іх шмат цікавых праектаў. Некалькі гадоў таму яны атрымалі грант Прэзідэнта пад праект «На гэтай зямлі жыць табе і мне».

— Мы зыходзілі з нашых нацыянальных традыцый, — расказвае Аляксандр Гарадкоў. — Шукалі фальклорныя народныя песні і рабілі пад іх джазавыя аранжыроўкі. Адну з іх пачуў у іншым гучанні ад свайго сябра Сяргея Валчкова, які выйграў у праекце «Голас-2». Ён спяваў не так, як гэта робяць у застоллі. І я падумаў, што, можа, ён прыедзе ў Магілёў, і мы выканаем яе разам з аркестрам. Зрабілі аранжыроўку, сталі выконваць — не гучыць. Дзесяць разоў перарабілі, але дайшлі да гучання, якое ўсіх задаволіла. Гэта вельмі скрупулёзная праца. Мелодыя круціцца, ты спрабуеш яе як паліто прымераць на калектыў, і калі ўсё атрымліваецца, гэтым вірусам заражаюцца ўсе навокал: і музыканты, і аранжыроўшчык, а потым і гледачы. Праект, пад які мы атрымалі грант, задумваўся з мэтай прадставіць нашу беларускую культуру ў больш сучасным гучанні. У аркестра дзякуючы яму з’явілася каля 25 новых аранжыровак.

Ведаюць у Хабараўску

Міжнародная дзейнасць асобая фішка Магілёўскіх гарадскіх аркестраў. За 10 гадоў музыканты тройчы былі у Туле на міжнародным фестывалі «Фанфары Тульскага Крамля», удзельнічалі ў Міжнародным фестывалі духавых аркестраў імя Агапкіна і Шатрова ў Тамбове, ва Усерасійскім фестывалі духавых аркестраў «На сопках Маньчжурыі» ў Самары, выступалі ў Санкт-Пецярбургу, Екацярынбургу, Ніжнім Тагіле, у Хабараўску на фестывалі «Амурскія хвалі».

У Хабараўск прадстаўнікі Магілёўскіх гарадскіх аркестраў ездзілі ў складзе дэлегацыі, прысутнічалі пры падпісанні дакументаў аб пабрацімстве. Было шмат выступленняў, адно з якіх на Лядовай арэне.

— Нас там вельмі цёпла прымалі, — кажа Аляксандр Гарадкоў. — Калі малы склад іграе беларускую музыку з рэпертуару «Песняроў» — «Беларусія», «Алеся», а сем тысяч хорам падпявае, гэта дарагога варта. На наступны дзень мы выступалі ў зборным канцэрце на галоўнай плошчы горада, дзе сабралася, напэўна, тысяч 30 чалавек. Планавалася выступленне на 20 хвілін, а мы ігралі гадзіну, і нас не адпускалі.

Летась на плошчы Адзінства ў Магілёве прайшоў ініцыяваны Аляксандрам Гарадковым плац-канцэрт духавых аркестраў, у якім акрамя гарадскога духавога аркестра ўдзельнічалі духавыя аркестры Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, вайсковай часці 6713, Магілёўскага абласнога ўпраўлення МНС, магілёўскіх гімназіі-каледжа мастацтваў імя Я. Глебава і каледжа мастацтваў, Тульскай абласной філармоніі імя І. Міхайлоўскага.

Ёсць жаданне стварыць на базе гэтага мерапрыемства фестываль з прыцягненнем аркестраў з Беларусі і Расіі і прымеркаваць яго да Дня горада.

Аркестравае дэфіле

Аляксандр Гарадкоў яшчэ калі вучыўся ў Акадэміі музыкі спрабаваў сябе ў розных аркестрах. Іграў у Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестры, канцэртным аркестры «Няміга» і гэтак далей. Быў вопыт работы ў Карэі.

— Нядаўна пераглядаў той даўні відэазапіс і сам здзівіўся, як атрымлівалася, — усміхаецца суразмоўнік. — Там працавалі так: спачатку вучылі нотны рэпертуар, потым прыходзіў харэограф і рабіў пастаноўку. Адна справа — калі ты проста музыку іграеш, а другая — калі яшчэ і танцуеш. Мы скакалі як сайгакі, прычым з лёгкасцю. Тады я быў студэнтам, у мяне яшчэ хапала на гэта сіл. Паездка ў Карэю была для мяне выйгрышным білетам. Прайшоў кастынг, і адзін з нямногіх трапіў у склад. Тое, што я рабіў у Карэі, называецца за мяжой шоу, у Расіі гэта носіць назву — аркестравае дэфіле.

Папярэдні вопыт спатрэбіўся максімальна. Работа з вядомымі дырыжорамі, музыкантамі, падбор рэпертуару — усё гэта спрасціла жыццё. З’явілася шмат знаёмстваў, якія працягваюцца дагэтуль. Акрамя актыўнай гастрольнай дзейнасці і канцэртаў у Беларусі, Магілёўскія гарадскія аркестры ўдзельнікі тэлепраекта «Я магу», «Х-Фактар», «Гумар на вайне, або Смех праз слёзы».

На YouTube ёсць ролік з запісам тэлепраекта «Я магу», дзе Генадзь Хазанаў, які задзейнічаны там у якасці эксперта, гаворыць пра магілёўскіх музыкантаў: «Мне спадабалася ваша рэжысура нумара, як вы рухаліся, танцавалі. Гэта незвычайна. Малайцы».

Музыканты аркестраў пастаянныя госці тэлепраграм на «Беларусь 4 Магілёў», віцебскім тэлебачанні. Восем гадоў запар яны ўдзельнікі «Славянскага базару».

— Музыка не толькі перадача нотнага матэрыялу, мастацкай задумкі. З дапамогай музыкі прасцей мець стасункі з людзьмі — яна перадае эмоцыі. Жэст, усмешка дырыжора, вясёлыя вочы артыста — гэта і ёсць сувязь з гледачом, — лічыць суразмоўнік. — У гэтых элементарных рэчах шмат сэнсу. У залежнасці ад мерапрыемства робім падбор музыкі. Самы складаны пасаж музыкант павінен паказаць з лёгкасцю. У гэтым і ёсць прафесіяналізм.

«Дзеці на нашых канцэртах могуць рабіць усё што заўгодна»

— Аднойчы на нашым канцэрце завуч адной са школ зрабіла заўвагу дзецям, каб яны не шумелі і адключылі тэлефоны, — кажа Аляксандр Гарадкоў. — Гэта была самая галоўная і непрадуманая правакацыя для дзяцей. Яны ж маюць звычку рабіць усё наадварот. Таму я набраўся нахабства і дазволіў ім праяўляць эмоцыі так, як яны таго пажадаюць. Пад канец дзеці прытанцоўвалі пад нашы мелодыі.

Ёсць нават спецыяльны патрыятычны праект для дзяцей. І каб сур’ёзная тэма лягчэй даходзіла да іх, стасункі адбываюцца ў інтэрактыўнай форме. Пад кіраўніцтвам вядучай хлопчыкі і дзяўчынкі адбіваюць такт рукамі, нагамі спачатку разам, потым па чарзе адна палова зала і другая. Атрымліваецца цікавая музыкальная гульня. Пад канец дзеці бягуць на сцэну, каб сфатаграфавацца з музыкантамі. У іх радасны настрой, вочы блішчаць.

Магілёўскія аркестры шмат працуюць і з дзецьмі з абмежаванымі магчымасцямі. Малы склад духавога аркестра ездзіў у Ніжні Ноўгарад на фестываль інклюзіўнай культуры. У Магілёўскай вобласці музыканты наведваюць сацыяльныя ўстановы, выступалі, напрыклад, у Бялыніцкай школе-інтэрнаце, дзе выхоўваюцца дзеці з інваліднасцю, расказвалі ім пра інструменты. І гэтыя кантакты таксама вельмі важныя, бо прыносяць радасць і музыкантам, і іх юным слухачам.

Нэлі ЗІГУЛЯ —  ZVIAZDA.BY